ФЕДЭРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ РАССЛЕ́ДАВАННЯЎ (англ. Federal Bureau of Investigation, скарочана FBI; ФБР),

ведамства ЗША для расследавання парушэнняў федэральных законаў і забеспячэння дзярж. бяспекі. Засн. ў 1908 як Бюро расследаванняў, з 1.7.1935 сучасная назва. Падпарадкоўваецца федэральнаму міністру юстыцыі, узначальваецца дырэктарам (у 1924—72 Дж.​Э.​Гувер). Займаецца расследаваннем парушэнняў федэральнага крымін. заканадаўства, вядзе барацьбу з дзейнасцю замежных разведак і тэрарызмам, забяспечвае ахову прэзідэнта ЗША, крыміналагічную экспертызу рэчавых доказаў і вядзенне баз даных па злачынствах і злачынцах для інш. праваахоўных органаў. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.

Я.​У.​Новікаў.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)